BLR

Чарнобыльскі шлях 2009 - Вынікі

Шчыра кажучы, я ня ўбачыў анічога незвычайнага. "Старая" апазыцыя паказала яшчэ адзін прыклад з сэрыі "мы ўжо паміраем, але яшчэ не здаемся" (можна было б ужо вызначыцца ці парушаць дазволены маршрут, ці не, і прытрымлівацца пляну). Маладыя радыкала паказалі яшчэ адзін прыклад з сэрыі "мы можам усё самі, але нас ніхто ня слухае, таму нас мала" (радыкалаў ніколі ніхто ня слухае, і яны надта рэдка могуць дамовіцца пра агульныя пляны, але быць маладым і ня быць радыкалам – немагчыма). У Новым Ёрку дыяспара зноўку паказала яшчэ адзін прыклад с сэрыі "нам похвігу якая нагода, абы сфоткацца з б-ч-б сьцягам, каб атрымаць азыль" (я не магу назваць па-іншаму палітычныя лёзунгі і ўсьмешкі на фотах у нядзелю насупраць ААН на жалобным пікеце). А ў нарэшце афіцыйнага пэнсіянэра Zянона™ зноўку "ворагі вакол".

"Вернай дарогай ідзёце, таварышы!"™
wolny

Яшчэ адная белая пляма на мапе Эўропы

Я ўжо прызвычаіўся да таго, што на статыстычных мапах замест Беларусі заўсёды ё белая пляма, бо ці то ў нас не зьбіраюць дадзеныя, ці то проста дасьледчыкаў не пускаюць. На жаль, гледзячы на гэтую мапу, цяжка зразумець, ці Майкрасофт не сабраў зьвесткі пра наяўнасьць шкодных праграмаў, або ці ў Беларусі сапраўды меней кампутарных праблемаў, чым у суседніх Расеі, Ўкраіне ды Польшчы. (BBC па-ангельску, як камусьці цікава)

wolny

Кансьпірацыя

Ці можна нехта патлумачыць, чаму ў дзяўчыны зьлева замазаны твар? Звычайна, калі нельга фатаграфавацца, нават і блізка да здымача не падыходзяць, а яна разам з усімі пазуе. Крыніца.

анці-нацы

Малдова

Адразу адзначу, што хоць я і прыхільнік ідэяў левага палітычнага напраку, я ніколі не падтрымліваў камуністаў. Я не ўспрымаю іх як (нават і патэнцыйных) ворагаў дэмакратычных ідэяў, бо яны ўжо страцілі тую палітычную сілу, якая была ў гэнай партыі яшчэ 20-25 гадоў таму. Аднак, мне чамусьці вельмі цяжка прыняць бок малдоўскіх "змагароў супраць камунізму". Іхныя паводзіны не кранаюць тую частку майго мозгу, якая адказвае за салідарнасьць: гэты гвалтоўны супраціў без канкрэтных мэтаў (абы ўсё разбурыць) пад сьцягам ЭЗ не выклікае павагі. Гвалтоўны супраціў з мэтамі мусіць парушаць інфраструктуру, якая падтрымлівае дрэнны рэжым, а гэты натоўп менавіты нішчыць амаль усё, што сутракае на сваім шляху.

У іх нават няма канкрэтных прычынаў супраціву. Група ў Фэйсбуку ў падтрымку Малдовы даволі дыпляматычна кажа пра мажлівыя фальсыфікацыі і парушэньні, а таксама пра плётку, што нібыта прагаласавалі 100 тысячаў нябожчыкаў. У адрозьненьні ад Украіны, дзе людзі бачылі аўтобусы, што вазілі выбарнікаў, і ад Беларусі, дзе адбывалася прымусовае датэрміновае галасаваньне, ў Малдове ўсё прайшло больш-менш шчыра, адкрыта й дэмакратычна, што нават эўрапейскія назіральнікі сьцьвердзілі вынікі выбараў. Варонін і ягоныя камуністы ня Чаўшэску з сакрэтнай паліцыяй, каб ладзіць паўстаньне, асабліва пры наяўнасьці добрага вопыту ва Ўкраіне, Грузіі ды ў Сэрбіі.

Радыкалы, якія захапілі "негвалтоўны" натоўп ё толькі сьведчаньнем таго, што Малдова яшчэ не гатовая ўвасьці ў ЭЗ, а natmorar і ейныя паплечнікі ня ўмеюць кіраваць натоўпам. Зь іншага боку ў мяне чамусьці ствараецца ўражаньне, што ў натоўпе сапраўды былі правакатары, але не ад "рэжыму" ці з Румыніі, а з Прыднястроўя, бо гэткае становішча зручнае толькі Сьмірнову і Крамлю: гвалт пад сьцягамі Румыніі і ЭЗ прымусяць нэйтральнага Вароніна зьвярнуцца па дапамогу ў Маскву і адштурхнуць насельніцтва Малдова ад пра-захадных палітычных гульцоў.

вожык

Башорг!!!

Для тых, хто яшчэ ня бачыў: культавы расейскі сайт bash.org.ru сёньня працуе выключна па-беларуску. На жаль, іхны аўтаматычны перакладчык не адрозьнівае стоить ды стоять, таму ўсе й усё ў іх "каштуе", але агульна мне ўсё спадабалася. Яны нават ужывают імбрык. Цікава цяпер паглядзець на рэакцыю наконт падабенства моваў ад расейцаў.
free Belarus

Яшчэ адзін палітычны жаўнер

Прымусовая служба ў войску становіцца ўсё болей палітычнай. У аўторак 10 сакавіка ў Менску быў забраны ў войска Ільля Яськевіч, сын адной зь лідэраў віцебскіх прадпрымальнікаў Ірыны Яськевіч. Падчас мінулых выбараў у "палатку" ягоная маці балятавалася па Чкалаўскай акрузе, а ён быў адным з назіральнікаў. Справа ў тым, што ў хлопца ё пэўныя праблемы са здароўем: у яго быў разрыў печані, і ён хворы на вочы. Ільля ўжо здолеў перадаць, што ўмовы ў войску жахлівыя: замест таго, каб рыхтаваць жаўнераў да вайны, іх прымушаюць вучыць статут і прыбіраць навакольле.
wolny

Мова пісьменная

Пад час напісаньня апошніх допісаў у мяне зьявілася ўражаньне, што мне стала складаней пісаць па-беларуску. Відаць, адсутнасьць беларускамоўнай адукацыі становіцца болей відавочным. Хаця я й вольна размаўляю па-беларуку (можа тыя, хто чуў маю гаворку, маюць іншае ўражаньне), напісаньне аналітычныя матар'ялы ё трошку іншае ўжываньне мовы. Я ўжо прызвычаіўся да ангельскай мовы й ейнага сінтаксісу і часам заўважаю, што ўжываю яго і ў рускай, і ў беларускай мовах. З-за гэтага мае допісы могуць падавацца трошку дзіўнымі і "немілагучнымі" нават мне.

Можа ё нейкі спосаб палепшыць менавіта аналітычны стыль? Я ўсё ж чытаю беларускамоўныя медыі й блёгі, але, відавочна, гэтага недастаткова.
вожык

"Палітвязьні"

Ну, што? Дакрэчыліся пра палітвязьняў па "справе 14-ці"? Ёлупні! Пра які "крывавы рэжым" можна казаць, калі яны самі наўмысна парушаюць закон? Калі Дашук яшчэ быў нібыта вымушаны парушаць умовы прысуду (хаця й гэтага можна было пазьбегнуць), а вось Дубскага ўвогуле ніхто не прымушаў рабіць анічога. Ну, навошта было карыстацца чужой SIMкаю? Хіба ён ня ведаў, што гэта ё крымінальнае злачынства? Вось спачатку зрабілі з дурня героя, а цяпер будуць крычэць, што Дубскі за кратамі незаконна. Да таго жчым болей цяперашняя апазыцыя дыскрэдытуе сябе, тым складаней будзе захапіць сэрцы й думкі астатніх, нават калі па іх прыйдуць новыя рухі й арганізацыі.

wolny

Лука ў Сэрбіі

Як высьветлілася, ўсё значна прасцей, чым я меркаваў. Лукашэнка адпачывае ў Сэрбіі амаль задарма, бо яго туды запрасіў уладальнік гатэлю й пэўнай часткі курорта Капаонік. Улічваючы ўсю гісторыю стасункаў Міадрага Косьціча зь Беларусьсю, становіцца відавочна, што гэтыя вакацыі ё чарговай спробай набыць правы на інвэстыцыі ў нашую краіну. Таксама цікава, што Косьціч мае пэўнае дачыненьне да сэрбскай мафіі і да Зорана Джынджыча, якога гэная мафія й забіла. Ці разумее Лукашэнка, ў якую гульню ён патрапіць? Зь іншага боку, ён не дурны, і можа скарыстаць гэткае сватаўство ва ўласных мэтах, кшталту дармавога адпачынку.

BLR

Лукашэнкавыя вакацыя

Безумоўна, Лукашэнкаўскія вакацыі ў Сэрбіі былі найгарачэйшай навіной панядзелка. Пакуль БелТА расказвала пра працоўны візыт, астатнія разважалі пра "круцізну" курорта ды й пра астатніх прэзыдэнтаў на вакацыях. Але ўсе недзяржаўныя крыніцы пагаджаліся з тым, што гэткія вакацыі падчас крызы ё недарэчнасьць. У мяне ж зьявілася толькі два пытаньня:

1) Чаму ён паехаў на вакацыі толькі зараз?
2) Чаму ён паехаў менавіта ў Сэрбію?

Ад'езд кіраўніка краіны на вакацыі падчас даволі вялікай эканамічнай крызы, калі мясцовыя грошы кожны дзень таньнеюць у адносінах да асноўнай міжнароднай валюты, заўсёды ё значнай падзеяй. У нашым выпадку гэны кіраўнік яшчэ й аўтарытарны, што стварае больш пытаньняў, чым адказаў. Генералы звычайна адпачываюць перад кожнай бойкай, а палітыкі пасьля ўдалай кампаніі. Улічваючы падзеі апошніх тыдняў і Лукашэнкаўскае атачэньне на 150 чалавекаў, мне падаецца, што ён вырашыў адсьвяткаваць удалыя перамовы з Эўразьвязам.  Сапраўды, трошку дзіўна, што ён шчодра ўзяў з сабою яшчэ шмат чыноўнікаў ды сваякоў, але дыктатары таксама могуць паводзіць сябе сумленна ў дачыненьні пэўных людзей. Ягонае атачэньне ў Сэрбіі, пэўна, складаецца з найадданейшых "дупалізаў", ахоўнікаў і сваякоў, а гэткіх людзей Лукашэнка вымушаны шанаваць, каб яны яму ня здрадзілі.

Маю думку пра сьвяткаваньне перамоваў з ЭЗ пацьверджвае й месца адпачынку. Раней Лукашэнка любіў наведваць аўстрыйскія Альпы, каб падлячыцца й пакатацца на лыжах. Калі яму забаранілі ўезд у ЭЗ, Лукашэнку прыйшлося карыстацца мясцовымі "курортамі" Сілічы й Раўбічы, а калі яму дазваляў Пуцін, то й Сочы. Цяпер жа санкцыі часова скасаваныя, але ён усё роўна не паехаў у Аўстрыю. Я ня думаю, што выбар залежыў ад коштаў, бо для чалавека, які апранае скураную дзягу ад Эрме, каб праверыць збожжа ў полі, грошы ня будуць праблемай. Справа ў тым, што Сэрбія пад кіраўніцтвам Тадзіча імкнецца далучыцца да ЭЗ, а таксама яна заўсёды была хаўрусьнікам Расеі на Балканах. Сяброўства з гэтай краінай Лукашэнку проста стратэгічна неабходна, бо атрымліваецца гэткі хаўрус мастоў паміж ЭЗ і Расеяй. Выбраўшы Капаонік для сваіх вакацыяў, Лукашэнка сказаў Эўразьвязу: "Мы будзем з вамі працаваць, але паступова," - а Расеі ён сказаў: "Мы хочам паболей незалежнасьці, але мы будзе добрымі суседзямі й хаўрусьнікамі." Цяпер застаецца чакаць на рэакцыю Расеі, бо рэакцыю ЭЗ надта лёгка прадказаць - яна будзе станоўчай.